КРУ́ПЧЫЦКІ БОЙ 1794.

бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.В.Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав. рас. войскі разбілі паўстанцаў.

У.П.Емяльянчык.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)